ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД БЕЛАРУ́САЎ СВЕ́ТУ.

Адбыўся 5—6.7.2001 у Мінску. Прысутнічалі 139 дэлегатаў і 35 гасцей з 18 краін свету, якія прадстаўлялі 72 арг-цыі бел. дыяспары; 144 дэлегаты і 157 гасцей з Беларусі, у ліку якіх былі прадстаўнікі дзярж. структур, замежных пасольстваў, міжнар. арг-цый АБСЕ і ААН. Арганізаваны Міжнар. грамадскім аб’яднаннем «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (МГА «ЗБС «Бацькаўшчына»), Мэты: кансалідацыя бел. нацыі, умацаванне бел. грамадзянскай супольнасці. З’езд прыняў дэкларацыі «Наш шлях: вартасці і мэты», «Беларуская дыяспара і свет»; рэзалюцыі аб дзейнасці МГА «ЗБС «Бацькаўшчына», аб падтрымцы МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» і кансалідацыі бел. дыяспары; заяву аб бел. мове і інш. У прынятай з’ездам Праграме «Замежная беларуская супольнасць у XXI стагоддзі (асноўныя дзеянні па кансалідацыі і дапамозе беларускай дыяспары да 2005 г.)» вызначаны гал. задачы: стварэнне Дзярж. к-та па дыяспары, прыняцце закона «Аб беларускай дыяспары», абарона правоў бел. нац. меншасці ў краінах яе пражывання праз заключэнне адпаведных міждзярж. пагадненняў. На з’ездзе працавалі секцыі: бел. дыяспара: праблемы і перспектывы; бел. навука, культура, л-ра і мастацтва на Радзіме і ў замежжы; бел. сусв. інфарм. прастора. Адбылася прэзентацыя кн. «Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы» (2001). З’езд спрыяў ўмацаванню цесных сувязей паміж МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» як гал. арг-цыяй у метраполіі і бел. суполкамі ў замежжы, удакладніў перспектыўныя кірункі шматузроўневага ўзаемадзеяння (эканам., інфарм., культурніцкага) беларусаў на Радзіме і за мяжой дзеля супольнай карысці, прапанаваў механізмы вырашэння актуальных праблем нац. жыцця ў галіне навукі. эканомікі, адукацыі і культуры, падсумаваў вынікі працы за міжз’ездаўскі перыяд. Выбраў Вял. раду (134 чал.), прэзідэнта МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» (А.​Грыцкевіч), старшыню Рады (А.​Макоўская).

А.​П.​Макоўская.

т. 16, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)